Крук Іван Іванавіч – беларускі фалькларыст.
Нарадзіўся 15 чэрвеня 1954 года ў вёсцы Згурск Чэрвеньскага раёна. Закончыў Грабёнскую сярэднюю школу (1971г.) , філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1976г.), аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (1979г.).
Пасля заканчэння аспірантуры Крук І.І. працаваў старшым лабарантам, малодшым навуковым супрацоўнікам, вучоным сакратаром гэтага інстытута. У 1985 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Усходнеславянскія казкі пра жывёл”.
Гады працы ў навуковай установе дапамаглі глыбока спасцігнуць народную культуру славянскіх этнасаў, распачаць вывучэнне беларускай
радыцыйнай культуры ў кантэксце агульнаеўрапейскіх этнічных культур. Даследуе як асобныя фальклорныя жанры, так і агульныя заканамернасці фарміравання і развіцця беларускага фальклору. Вынікі сваіх даследаванняў апублікаваў у больш за 230 навуковых артыкулах. Аўтар манаграфій “Усходнеславянскія казкі пра жывёл: вобразы, кампазіцыя”(1992г.), “Следам за сонцам”, Беларускі народны каляндар: “Святы, абрады, паэзія”(1994, 1998г.г.), сааўтар прац “Магія слова чароўнага”(1995г.), “Народная культура і сучасная школа”(1996г.) і інш.
З 1996г. на педагагічнай працы ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі, дзе ўзначальваў кафедры беларусазнаўства, а потым – філасофіі і гуманітарных праблем адукацыі. З 1998г. 1-ы прарэктар Беларускай акадэміі мастацтваў і адначасова загадчык кафедры гуманітарных дысцыплін.
Кандыдат філалагічных навук(1985г.). У 2011г. прызначаны рэктарам Інстытута культуры Беларусі.
Даследуе беларускі фальклор, народную культуру, беларускі народны каляндар.
Ясюк Зінаіда Мікалаеўна
Нарадзілася яна ў вёсцы Грабёнка ў сям’і настаўніка-матэматыка Бурдыка Мікалая Якаўлевіча. Агульнаадукацыйную і адначасова музычную школы закончыла ў 1971 годзе. Лёсам было наканавана пайсці ёй сцяжынкай свайго бацькі – абраць прафесію настаўніка. Пасля заканчэння Мінскага педагагічнага інстытута імя М.Горкага пачынаецца і шчасліва доўжыцца яе настаўніцкі лёс. На ніве адукацыі яна працуе больш за 40 гадоў.
На пачатку сваёй дзейнасці амаль 15 гадоў Зінаіда Мікалаеўна працавала піянерскай важатай у роднай школе. Мела шмат узнагарод ад раённага, абласнога і рэспубліканскага саюза моладзі. Была ўдзельніцай раённых і абласных конкурсаў мастацкай самадзейнасці. За сабою заўсёды вяла і сваіх выхаванцаў. Доўгія гады працавала настаўніцай пачатковых класаў,педагогам-арганізатарам. Апошнія гады выкладае ўрокі музыкі, з’яўляецца класным кіраўніком 11 класа. Зінаіда Мікалаеўна вельмі любіць сваю працу. Гаворыць, што іменна праца дапамагае заўсёды быць у форме – як знешне, так і духоўна. Ад працы яна атрымлівае выдатны зарад энергіі і жыццёвых сіл. Яна дапамагае вучням знайсці сваю дарогу ў жыцці, не разгубіцца на ёй, не страціць сваю індывідуальнасць. Хтосьці сказаў, што ў настаўніка больш трывожна і больш напружана, чым у іншых, б’ецца сэрца, яму наканавана хваляванне, а не спакой.Гэтыя словы можна аднесці да Зінаіды Мікалаеўны.Яе жыццёвае крэда: творчасць, аптымізм, захапленне кожнай хвілінай жыцця.
Лічыць сябе шчаслівай, бо вучні вераць ёй, ідуць за ёй, разам з ёй дасягаюць поспехаў.